РАСПЫ́ЛЕНАЯ РЫ́ФМА,
рыфма, пры якой заключныя словы аднаго вершаванага радка сугучныя не толькі клаўзуле, але і двум ці больш словам другога радка. Р.р. з’явілася своеасаблівай рэакцыяй на шырокае ўжыванне ў паэзіі недакладных рыфмаў: гукавая беднасць сугуччаў у клаўзулах кампенсавалася багаццем гукавых супадзенняў у пераднаціскной частцы слоў-рыфмаў і нават у цэлых радках. Прыклад Р.р. з кнігі М.Танка «Глыток вады»; збіра́ць сабе кра́скі — рыбакоў нарача́нскіх; Васілікі — чайкі віталі кры́кам; паралелі — прале́глі туне́лі; вамі — вачэй часа́мі.
В.П.Рагойша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)